Ціск на моладзевых актывістаў студэнцкіх арганізацый працягваецца
Апошняе затрыманне адбылося раніцай 31 снежня на кватэры актывіста прафсаюзнай групы «Студэнцкая Рада» Алеся Крата.
Без аніякіх на тое прычынаў ён быў дастаўлены прадстаўнікамі праваахоўных органаў у Кастрычніцкі РУУС для «гутаркі». Пасля 3 гадзін знаходжання ў будынку РУУСа на актывіста быў складзены пратакол па артыкулу 17.1 “Дробнае хуліганства” нібыта за лаянку ў бок супрацоўнікаў міліцыі. Пазней Алесь быў адпраўлены ў ізалятар на Акрэсціна, дзе і сустрэў Новы 2012 год.
2-га студзеня 2012 г. адбыўся суд, на якім актывіст не прызнаў сваю віну і суддзя Кастрычніцкага раёна Рудзік В.В. вымушаны быў перанесці паседжанне на 12-га студзеня з прычыны патрэбы выклікаць сведкаў парушэння.
Вось што кажа на гэты конт сам Алесь: “Сітуацыя мне незразумелая, бо ў некаторых інтэрнэт выданнях днём раней з’явілася інфармацыя аб тым, што былі затрыманыя іншыя моладзевыя актывісты. Аднак усе яны тым ці іншым чынам звязаныя з палітычнымі рухамі альбо арганізацыямі. Я ж ў сваю чаргу з’яўляюся актывістам прафсаюзнай групы, якая палітыкай не займаецца, а толькі абараняе правы студэнтаў. Таму чаму на мяне аказваецца такі ціск не разумею. Магчыма, улада зараз яшчэ больш баіцца ўсялякіх праяўленняў актыўнасці, асабліва калі гэта тычыцца абароны правоў”.
Гэта ўжо не першая спроба ціску на актывістаў і на арганізацыю МПГ “Студэнцкая Рада” ў цэлым. Так, напрыклад, прафсаюзная група планавала адзначыць Міжнародны дзень студэнтаў 17 лістапада 2011 г. рок-канцэртам. Аднак арганізатараў пераследаваў “злы рок”: ва ўсіх месцах, куды яны звярталіся, перад правядзеннем мерапрыемства раптоўна знікала электрычнасць і ніякай магчымасці аднавіць яе да канцэрта не было. Лагічна патлумачыць такога роду адмову ўласнікаў памяшканняў вельмі цяжка.
Адзінае што можна сказаць пасля такіх падзей, што ніякая грамадзкая арганізацыя, асабліва калі яна незалежная, не застаецца па-за ўвагай сілавых ведамстваў.
www.studrada.org







Бесплатная юридическая консультация по правам студентов

