Уступленне Беларусі ў Балонскі працэс – магчымасць для рэфармавання існуючай сістэмы адукацыі
Ці магчыма рэфармаванне ў цяперашніх умовах, што будзе з беларускай адукацыяй пасля ўступлення ў Балонскі працэс і якія крокі для гэтага трэба зрабіць. На гэтыя пытанні 13 снежня падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску адказалі прадстаўнікі грамадскага Балонскага камітэта.
Цяперашняя сістэма адукацыі ў Беларусі мала падобна да еўрапейскай
Звыклая для еўрапейскіх універсітэтаў наяўнасць акадэмічных свабодаў, выбарнасці кіраўніцтва вышэйшых навучальных устаноў, а таксама актыўнага ўдзелу студэнтаў у адукацыйным працэсе на ўсіх узроўнях – фактычна адсутнічаюць у Беларусі.
Напрыклад, калі мы кажам пра тры цыклы адукацыі – бакалаўр, магістр, доктар – такая ступень як бакалаўр у беларускай адукацыі адсутнічае наогул. А прызнанне ў Беларусі ступеняў магістра і доктара, атрыманых за мяжой – вялікая праблема. Па словах члена Балонскага камітэта, прафесара Уладзіміра Дунаева, беларуская сістэма адукацыі ў цяперашнім выглядзе сама па сабе стварае сур’ёзныя перашкоды для паўнавартаснай рэалізацыі балонскіх прынцыпаў.

Злева направа: Уладзімір Дунаеў, Ірына Віданава, Святлана Мацкевіч, Алесь Крот
«Беларуская сістэмы вышэйшай адукацыі не гатова, каб уступаць у Балонскі працэс без сур'ёзнага рэфармавання вышэйшай школы. Гэтае рэфармаванне павінна быць умовай уступлення Беларусі». – сказаў Уладзімір Дунаеў.
Немагчыма далучыцца да Балонскай сістэмы, рухаючыся ў іншы бок
Балонскі працэс не абмяжоўваецца назвамі розных ступеняў адукацыі і іх прызнаннем. Гэта таксама мабільнасць студэнтаў і выкладчыкаў, якасць адукацыі і яе ацэнка, акадэмічныя свабоды і аўтаномнасць вышэйшых навучальных устаноў. Апошнія два пункты прызнаюцца ў краінах-удзельніцах Балонскага працэсу як асноўныя каштоўнасці, на якіх заснавана сістэма адукацыі.
І беларуская сістэма адукацыі ў гэтай сітуацыі прайграе. Як прыклад можна прывесці хаця б факт прызначэння рэктараў ўсіх ВНУ Міністэрствам адукацыі. Ні пра якую аўтаномнасць ВНУ і акадэмічныя свабоды ў такой сітуацыі казаць не прыходзіцца.
Асноўныя рэформы, якія трэба ажыццявіць, прапісаны ў так званай «дарожнай карце», распрацаванай членамі Балонскага камітэта. І перш-наперш, па словах Святланы Мацкевіч, кандыдата педагагічных навук і члена Балонскага камітэта, «павінна быць зменена сістэмы кіравання ўніверсітэтамі».
«Урад павінен прыняць вельмі непапулярнае для сябе рашэнне, звязанае з вызваленнем універсітэтаў ад ведамаснай падначаленасці. Універсітэты і інстытуты павінны атрымаць сваю самастойнасць, якой так славіцца еўрапейская адукацыя». – падсумавала Святлана Мацкевіч.
Студэнты як асноўныя удзельнікі адукацыйнага працэсу
Па словах Алеся Крата, які прадстаўляе ў Балонскім камітэце прафсаюзную групу «Студэнцкая Рада», важна, каб пры распрацоўцы і рэалізацыі Балонскага працэса ў Беларусі быў улічаны голас студэнтаў і студэнцкіх арганізацый.
«Як студэнцкая арганізацыя, мы зацікаўлены ў тым, каб фокус на студэнцтве, акадэмічных свабодах, якія часцяком парушаюцца, былі адлюстраваны ў альтэрнатыўным дакладзе» – сказаў Алесь Крот.
Шкадаванне ў Алеся выклікае і той факт, што афіцыйны даклад Міністэрства адукацыі быў распрацаваны без ўдзелу студэнтаў. Аднак ён спадзяецца, што ўступленне Беларусі ў Балонскі працэс прынясе пазітыўныя змены ў сістэму адукацыі.
Рашэнне будзе прынята ў 2012 годзе
Прыняць ці не прыняць Беларусь у «Балонскі клуб» будзе вырашана на канферэнцыі міністраў адукацыі дзяржаў-удзельніц Балонскага працэса, якая пройдзе 26-27 красавіка 2012 года ў Бухарэсце (Румынія).
У сваю чаргу эксперты Камітэта засцерагаюць ад імітацыі ўступлення ў Балонскі працэс: фармальнага далучэння Беларусі без зменаў у сістэме адукацыі, як гэта часта інтэрпрэтуецца беларускім Урадам і Міністэрствам адукацыі.
Азнаёміцца з тэкстам альтэрнатыўнага даклада Балонскага камітэта можна на рускай мове (часткова). Цалкам альтэрнатыўны даклад даступны на ангельскай мове. Дарожная карта рэфармавання беларускай адукацыі даступна на рускай мове альбо ангельскай.
Даведка
Грамадскі Балонскі камітэт Беларусі створаны на базе Нацыянальнай платформы Грамадзянскага форума Ўсходняга партнёрства.
Камітэт адкрыты для далучэння да яго ўсіх, хто падтрымлівае сцэнарый уступлення Беларусі ў Балонскі працэс з умовай выкананняў абавязацельстваў, прапісаных у дарожнай карце. Па пытаннях, звязаных з працай грамадскага Балонскага камітэта, пішыце на Этот e-mail адрес защищен от спам-ботов, для его просмотра у Вас должен быть включен Javascript .
Крыніца: www.ampby.org







Бесплатная юридическая консультация по правам студентов

